ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ ГІПО́ТЭЗЫ,

навукова абгрунтаваныя меркаванні аб прычынах тэктанічных рухаў і дэфармацый зямной кары, што мяняюць яе структуру. Існуе шмат гіпотэз тэктанічнага развіцця Зямлі.

Адна з першых Т.г., якая тлумачыла тэктанічныя рухі дзейнасцю землетрасенняў і вулканаў, з’явілася ў 17 ст. (англ. вучоны Р.​Гук, рас. Р.​Рыхман). У гіпотэзе нептунізму зроблена спроба тлумачэння дэфармацыі пластоў горных парод у выніку падводных апоўзняў і абвалаў (18 ст., ням. вучоны А.​Г.​Вернер). Гіпотэзу плутанізму прапанаваў шатл. вучоны Дж.​Гетан у працы «Тэорыя Зямлі», 1795. Гіпотэза кратэраў падняцця (утварэнне горных складкавых збудаванняў у выніку пад’ёмаў магмы пры вулканічных і інтрузіўна-магматычных працэсах) развіта ў пач. 19 ст. ням. вучонымі Л.​Бухам, А.​Гумбальтам і Б.​Штудэрам. Кантракцыйная гіпотэза прапанавана франц. вучоным Л.​Элі дэ Бамонам (1829) на аснове ўяўлення аб першапачаткова расплаўленай Зямлі (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа). Пры паступовым яе ахаладжэнні адбывалася сцісканне, слаі горных парод зміналіся ў складкі, утвараліся горы. Распрацавана ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Гэта канцэпцыя выкладзена ў кнізе аўстр. вучонага Э.​Зюса «Аблічча Зямлі» (т. 1—3, 1883—1909). У гэты ж час узніклі вучэнні аб геасінкліналях (амер. вучоны Дж.​Дана) і платформах (рас. вучоныя А.​П.​Карпінскі, А.​П.​Паўлаў), ізастазіі (англ. вучоны Дж.​Эры і інш.). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся гіпотэзы глыбіннай дыферэнцыяцыі (галанд. вучоны Р.В. ван Бемелен, рас. У.​У.​Белавусаў), падкоравых цячэнняў (аўстр. вучоны О.​Ампферэр, ням. Р.​Швінер і Э.​Краўс, галанд. Ф.​Венінг Мейнес), пульсацыйная (амер. вучоны У.​Бачэр, рас. М.​А.​Усаў і У.​А.​Обручаў), расшырэння Зямлі (ням. вучоны О.​Хільгенберг, венг. Л.​Эдзьед, амер. Б.​Хейзен і інш.), перамяшчэння мацерыкоў (амер. вучоны Ф.​Тэйлар, ням. А.​Вегенер; гл. Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў), якая дала пачатак новаму кірунку ў тэктоніцы мабілізму ў супрацьлегласць фіксізму (магчымасць толькі верт. рухаў у зямной кары). У 1960—70-я г. ідэі мабілізму адроджаны ў выглядзе новай глабальнай тэктонікі (тэктонікі пліт) — геадынамічная тэорыя (тэорыя неамабілізму), якая тлумачыць рухі, дэфармацыі і сейсмічную актыўнасць тэктанасферы (амер. вучоныя В.​Морган, К. Ле Пішон, Дж.​Олівер, Дж.​Айзекс, Л.​Сайкс; 1967—68). Гэта тэорыя ўключала таксама ідэю расшырэння (спрэдзінгу) акіянічнага ложа (амер. вучоныя Г.​Хес і Р.​Дзіц, 1961—62).

Згодна з ідэяй тэктонікі пліт літасфера падзелена на 7 вялікіх і малыя цвёрдыя маналітныя пліты, якія рухаюцца па подсцільным менш вязкім слоі (астэнасферы), маюць гарыз. рухі: рассоўванне (з утварэннем рыфтаў, потым акіянаў), падсоўванне адной пліты пад інш. і гарыз. перамяшчэнне ўздоўж трансформных разломаў тыпу зруху. Гэта пацвярджаецца размеркаваннем напружанняў у ачагах землетрасенняў. Геадэзічныя даныя паказваюць рассоўванне глыб (Паўн. Афрыка), іх гарыз. перамяшчэнне ўздоўж разломаў са скорасцю 0,5—3 см за год (Каліфорнія) або збліжэнне па насовах (Таджыкістан). Такія ж скорасці вызначаюцца па палеамагнітных даных, шырыні палос магн. анамалій і па палеагеаграфічных рэканструкцыях. З канца 20 ст. распрацоўваецца гіпотэза гарачых кропак, якія звязаны з праяўленнем вулканічнай актыўнасці на кантынентах і ў акіянах, і канцэпцыя 2-яруснай тэктонікі пліт, якая засн. на рэалагічнай расслоенасці літасферы і мантыі.

Літ.:

Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973;

Ле Пишон К., Франшто Ж., Боннин Ж. Тектоника плит: Пер. с англ. М., 1977.

А.​М.​Каўхута, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)